21.02.2025
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Не стала выключэннем і наша навучальная ўстанова. З нагоды свята зранку валанцёры прыветліва сустракалі ўсіх работнікаў каледжа, дарылі словы-віншаванні і значкі-эмблемы свята з надпісам “Размаўляй са мной па-беларуску”.




Выкладчыкі-філолагі прыцягнулі ўвагу навучэнцаў відэазапісамі песень на беларускай мове і арганізавалі магчымасць паўдзельнічаць у творчых пляцоўках. Пры кабінеце расчыніў дзверы “Моўны турнір”. Тут жадаючыя згулялі па прынцыпе “Змяні веды на адзнаку”, выпрабоўваючы свае моўныя набыткі ў фальклоры, гісторыі, перакладзе, граматыцы і ўвогуле ў інтэлекце.

У бібліятэцы каледжа прайшлі “Літаратурныя чытанні”, куды былі запрошаны навучэнцы 1-х курсаў. Перад сабранымі выступілі ўжо вопытныя чытальнікі каледжа, якія атрымліваюць задавальненне не толькі ад майстэрскага гучання роднага слова з іх вуснаў, але не раз праславіўшыя нашу ўстанову заваяванымі чытальніцкімі дыпломамі абласнога ўзроўню. Гэта не пакінула раўнадушнымі першакурснікаў. Яны згадалі па памяці радкі з вершаў беларускіх паэтаў. Як аказалася, сярод прысутных, якія набываюць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасцях АПК, знайшліся два таленавітых хлопцы, якія самі пішуць вершы.

Яшчэ адна “Творчая пляцоўка” сабрала асоб, якія любяць маляваць, складаць, удакладняць. Адказна, з вялікім гонарам і задавальненнем выкладчыкам і супрацоўнікам каледжа былі на беларускай мове перададзены ”Пажаданні на кожны дзень”. А яшчэ ў гэты дзень удзельнікі згадвалі свае любімыя беларускія словы, важныя формулы маўленчага этыкету, імправізавана інсцэніравалі. Свята адбылося. Атмасфера ўразіла. Арганізатары і выканаўцы, а гэта ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Студыя “Мастацкае чытанне”, упэўнены, што роднае беларускае слова – гэта не толькі мілагучна і прыгожа, але і змястоўна, велічна, ганарова і запамінальна. Думку пацвердзіла праведзенае анкетаванне, у якім большасць апытаных адзначылі два факты аб тым, што яны часцей размаўляюць на трасянцы (змешанае ўжыванне рускай і беларускай мовы), але хочуць навучыцца свабодна валодаць сваёй роднай мовай. Важна тое, ні адзін з рэспандэнтаў не назваў беларускую мову нямоднай, “сялянскай”. Бо ў нашым каледжы ўсе шануюць, паважаюць і вывучаюць беларускую мову, каб перадаць яе наступным пакаленням.
