05.10.2024
5 кастрычніка дружная каманда адасобленага падраздзялення “Ляхавіцкі аграрны каледж” установы адукацыі “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт” на досвітку вырушыла ў бок сталіцы абласных дажынак – гарадскога пасёлка Мікашэвічы. Каледжскі надворак быў адным са шматлікіх на вуліцы ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэстчыны, але вельмі цёплым, утульным і запамінальным. Увесь час гучала на падворку жывая музыка, за якую адказваў гарманіст-самавучка і па сумяшчальніцтве слесар-рамонтнік Васіль Базылюк. Дбайнымі гаспадарамі каледжскай лакацыі былі вадзіцель Аляксандр Марозаў і пчалавод Вадзім Чэшка. Бойка, весела і задорна запрашалі пачаставацца каледжскай вынаходкай - салабродамі, сырна-мядовым дэсертам, зрабіць уласнымі рукамі свечкі, усміхнуцца для фота ў супер-кошыку намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Траццяк, кіраўнік практыкі Ірына Дубікоўская, выкладчык Таіса Шпак, сакратар Кацярына Качанава і дырэктар каледжа Ірына Прыступа-Юнік. Ад наведвальнікаў лакацыі не было адбою!
Таксама зладжана, спяваючы пад гармонь і падыгрываючы сабе на шумавых інструментах, “абаранілі” каледжскі каравай. Выступленне было трынаццатым па ліку – фінальным, але атрымалася запамінальным. У добрым настроі, крыху стомленыя, але шчаслівыя каляджане прывезлі ў Ляхавічы дажынкавы настрой і жаданне працаваць на вынік і з высокай якасцю. Да новай сустрэчы ў Белаазёрску на Дажынках-2025!









