Сёлета 21 лютага ўвесь свет ужо ў 22 раз адзначыў Міжнародны дзень роднай мовы, дату асаблівую для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І беларусы не выключэнне. Гэтае свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.
У “Ляхавіцкім аграрным каледжы” прайшоў шэраг мерапрыемстваў у знак глыбокай павагі да роднага беларускага слова.
Працоўнай, здаецца, звычайнай раніцай панядзелка віталі гасціным, віншавальным і зазыўным беларускім словам валанцёры сваіх выкладчыкаў, сяброў-навучэнцаў, усіх супрацоўнікаў каледжа. “Размаўляй са мной па-беларуску”, - сціпла, але змястоўна нібы прызывала вывеска на кожнай аудыторыі трох карпусоў. Сустрэчныя і прысутныя ўсміхаліся і падтрымлівалі пачынанні юнакоў і дзяўчат. Сапраўдныя майстар-класы часам ператвараліся ў аматарскія бенефісы на творчых пляцоўках выразнага чытання і песеннага выканання падчас адпачынкаў. На экране, размешчаным у фае корпуса № 1, то павольна і мілагучна, то да нястрымнай спасусы кінуцца танцаваць змяняўся рад песенных кліпаў і рэкламных відэаролікаў на тэму “Вось яна, самая мілагучная і яскравая беларуская мова!”. Незвычайную атмасферу адкрыццяў і спаборніцтва стварыў моўны турнір “Крокі да роднага слова”. “Знаходлівы інтэлектуал”, “Папацей, грамацей”, “Ладны пераклад”, “Словаведы”, “Вершаваны флэшмоб”, “Веру – не веру”, караоке і іншыя конкурсы падрыхтавалі і правялі навучэнцы 1- 3-х курсаў на чале з выкладчыкам. Сертыфікаты ўдзельнікаў і пераможцаў атрымалі (некаторыя нават тры!) самыя актыўныя і творчыя навучэнцы, паклікаўшы на дапамогу веды, намаганні і фантазію. Цяжка было стрымаць у зале эмоцыі куратарам і выкладчыкам, каб не падтрымаць сваіх выхаванцаў.
Мерапрыемствы пацвердзілі, што нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. І мы да роднай беларускай мовы зробім яшчэ не адзін крок.