Штогод у першую нядзелю верасня ў Беларусі ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адзначаецца Дзень беларускага пісьменства, у аснову канцэпцыі якога пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый беларусаў. Свята дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, удзельнікамі творчага працэсу стварэння кніг, газет і часопісаў.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах — цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.
Сталіцай рэспубліканскага Свята беларускага пісьменства ў 2015 годзе стаў горад Шчучын, што на Гродзеншчыне.
У гэтым мерапрыемстве рэспубліканскага значэння прынялі ўдзел выкладчыкі і навучэнцы нашага каледжа . Усіх удзельнікаў чакала даволі маштабная і насычаная праграма.
Каляжане прысутнічалі на адкрыцці адрэстаўраванага палаца князёў Друцкіх-Любецкіх. Назіралі за ўрачыстым шэсцем. Пабывалі на выстаўцы-продажы тэматычнай сувенірнай прадукцыі майстроў Гродзенскай вобласці. Не прамінулі і афіцыйную цырымонію адкрыцця свята. 3 задавальненнем назіралі за выступленнем прафесійных і аматарскіх калектываў Гродзенскай вобласці.
Наведалі выставачныя праекты: “Якуб Колас. Дарогамі вайны”, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду.", прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, “AlfAbet” - выстаўку твораў мастакоў Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”, “Памяць аб вайне нам кніга пакідае” - кніжную выстаўку да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Асабліва зацікавіла нашых навучэнцаў выстаўка рэдкіх выданняў і фотаздымкаў з фондаў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Карскага” і прыватных калекцый.
Пабывалі ў літаратурным салоне “У Элізы Ажэшкі”. 3 цікавасцю слухалі тых, хто працуе з жывым словам, і нават ахвотна паўдзельнічалі ў салоннай гульні ў фанты.
Пазнаёміліся з прэзентацыяй лепшых выдавецкіх праектаў, рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, з прэзентацыяй кніг-пераможцаў абласнога конкурсу імя Цёткі. Запамінальнай стане сустрэча з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі, журлалістамі, распаўсюджвальнікамі кніг і прэсы.
Свята падтрымлівае нашы традыцыі, нашу культуру. Таму на ўсіх канцэртных пляцоўках гучала беларуская мова, беларуская музыка розных часоў. 3 дапамогай тэатралізаваных пастановак можна было здзяйсняць своеасаблівыя гістарычныя падарожжы. Усё гэта спрыяла таму, што кожны з удзельнікаў свята адчуў незвычайную атмасферу і адкрыў для сябе нешта новае.