logo1logo2logo3

“Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”


Нягледзячы на халаднаватае і дажджлівае суботняе надвор’е, шматлікія сямейныя і службовыя абавязкі,  дружнымі грамадкамі збіраліся 28 сакавіка ў родную навучальную ўстанову  - для некага каледж, для многіх  - саўгас-тэхнікум – былыя навучэнцы. Гэта былі тыя, хто не застаўся абыякавым і адгукнуўся на запрашэнне паўдзельнічаць ў вечары сустрэчы з выпускнікамі.
Па спецыяльным святочным раскладзе з 11.30  працавалі кабінеты і лабараторыі, дзе чакалі выпускнікоў іх куратары і выкладчыкі. Выпускнікі  змаглі наведаць музей, карпусы, месцы, дзе яны сталелі, набывалі азы прафесіі, вучыліся чалавечым стасункам і атрымоўвалі важныя ўрокі  людскасці.
Як прыемна было чуць ўсхваляваныя воклічы, бачыць слёзы радасці ад сустрэчы, гарачыя абдымкі былых аднагрупнікаў.
Кожны з выпускнікоў з задавальненнем адшукваў сваю выяву на выпускным фотаздымку, дзяліўся інфармацыяй аб сабе.
Каля трынаццатай гадзіны ўрачыстая музыка запрасіла гасцей ў святочна прыбраную залу.  Вядучымі вечара выступілі былыя навучэнкі, а цяпер супрацоўніцы каледжа Сакун Вольга і Цімашок Дзіяна. Сіламі сённяшніх навучэнцаў  – удзельнікаў клуба “Юнацтва” быў падрыхтаваны  канцэрт. Але самым каштоўным у ім было тое, што  сааўтарамі сталі і выпускнікі розных гадоў. Шквал апладысментаў пранёсся па зале пасля выканання выпускніком  1979 года заатэхнічнага аддзялення    Сяргеем Мацулевічам  кампазіцый “Востраў дзяцінства” і “Гэта жыццё”. Выпускніцы агранамічнага аддзялення 1997 года Дзямід Алене зала падпявала “Ягаду-маліну”. Як заўсёды на біс  выступалі  выпускнікі 2011 года Надзея і Андрэй Цямчыкі. Не змог утрымацца і дапамог падтанцоўкаю бацьку маленькі Ягор. Сапраўдным ўпрыгожаннем канцэрту стала выкананне кампазіцыі “Мы вам жадаем” Марынай Курылік – выпускніцай 2014 года заатэхнічнага аддзялення.
Было шмат цёплых слоў, успамінаў, падзякі за добрую навуку на ўсё жыццё. Працавала імправізаваная пошта “Прыміце віншаванні”, бо аказалася, што некаторыя выпускнікі 1985 года як раз ў гэты дзень адзначаюць свае 50 гадовыя юбілеі.
Слова ад выпускнікоў трымаў Рыгор Войцік – выпускнік і выкладчык каледжа. Ён прыгадаў сваіх настаўнікаў, іх мудрыя ўрокі і прапанаваў хвілінай маўчання ўспомніць тых, каго няма ўжо на гэтым свеце.
Якімі шчаслівымі былі куратары, чые групы сабраліся ў зале амаль ў поўным складзе. З твараў  Глушчанкі Ніны,  Сакаловай Тамары, Станкевіч Валянціны, Шабана  Грыгорый, Гардзейчык Ірыны, Мурашка Вольгі, Татарыновіча Івана не сыходзілі шчаслівыя ўсмешкі. Многія з іх выпускнікоў дастойныя людзі і ўжо самі бабулі і дзядулі.
Усё было ў гэты вечар: фотасесіі на памяць, успаміны пра вясёлае студэнцкае жыццё-быццё, аповеды пра свае лёсы, сапраўдная студэнцкая дыскатэка …
Многія з выпускнікоў пакінулі ў гасцявой кнізе цёплыя водгукі аб мерапрыемстве.
Будзем чакаць наступнай сустрэчы, калі галоўнымі героямі стануць новыя юбіляры. А з яе тэрмінам вырашана раз і назаўсёды:


АПОШНЯЯ СУБОТА КОЖНАГА ЛЮТАГА
ЗАПРАШАЕ ВАС НА СУСТРЭЧУ З МАЛАЖОСЦЮ Ў КАЛЕДЖ!

 

 

 

 










ОП "Ляховичский аграрный колледж" УО "Барановичский государственный университет"
225 370 Брестская область, г. Ляховичи, ул. Ленина, 64
тел. (801633) 2-17-40, 6-01-77, факс (801633) 6-06-65
e-mail: agrocollege@brest.by