logo1logo2logo3

Радасна, ажыўлена, гучна было 19 лютага перад галоўным корпусам каледжа.  Усе каляджане з задавальненнем прыйшлі развітацца з зімою і павітаць надыход вясны.
Са словамі прывітання да гасцей свята звярнуліся дырэктар Абарава А.Э., намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ахрэмцаў А.В..  І вось пачалося свята. Каманды кожнага аддзялення павіталі прысутных бадзёрымі рачоўкамі, пасля чаго былі запрошаны да спаборніцтваў у біятлоне. Адначасова сваю “цяжкую працу” пачала дэгустацыйная камісія на чале з намеснікам дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы Каваленкам А.П.. Камісіі  трэба было вызначыць лепшы масленічны  блін сярод прадстаўленых на конкурс.  Ён праходзіў упершыню. Таму толькі 4 гаспадыні адважыліся паўдзельнічаць. Думаецца, што ў наступным годзе іх будзе больш.
Весела,  са спартыўным азартам, пад воклічы балельшчыкаў праходзілі рабяты  лыжную дыстанцыю і старанна прыцэльваліся, каб выбіць ачкі. Наступным этапам стала зімовая эстафета з пракатваннем колаў, пераўвасабленнем у пінгвінаў і іншымі захапляльнымі конкурсамі.  Трохі воддаль, там, дзе яшчэ ўзвышаліся гурбы снегу чаравалі прадстаўнікі каманд над снегавымі скульптурамі. Як  было не захапіцца агранамічнай прыгажуняй з барбарысавымі каралямі,  ветэрынарным  бачаннем  стыльнай Джэніфер Лопез і  мяккасардэчнай, але халодна-непрыступнай   прадстаўніцай кароў-рэкардыстак  Мумуняй?
Фінальная кропка ў спаборніцтвах была пастаўлена любімым конкурсам па перацягванні каната “Асілак”.  Балельшчыкі  дапамагалі як маглі. У выніку многія з іх страцілі галасы і вельмі своечасова былі запрошаны падсілкавацца ля палявой кухні армейскай кашай, па-майстэрску прыгатаванай шэф-поварам сталовай Маслоўскай А.І., а таксама гарачай гарбатаю і блінцамі.
У гэты самы час справядлівае журы падводзіла вынікі. Першае месца ў спартыўных спаборніцтвах  заняла каманда заатэхнічнага аддзялення. На другім – ветэрынары, а на трэцім  - аграномы.  Усе каманды атрымалі пірагі і салодкія прызы ад прафсаюзнага камітэта навучэнцаў.
Самыя смачныя і незвычайныя бліны аказаліся ў метадыста каледжа Тарасевіч С.А. – адмысловай гаспадыні. Яе прыз – патэльня для аладачак напэўна  заахвоціць яе да новых кулінарных эксперыментаў.  Усе астатнія ўдзельніцы: Ліхач А.М., Жучэня С.К., Прыступа-Юнік І.Б. таксама атрымалі  добрыя падарункі.
На адным дыханні прайшло свята. Цяпло сэрцаў  яго удзельнікаў пачало тапіць рэшткі снегу, а сімвалічнае пудзіла Масленіцы, якое згарэла хутка, прадказвае скорую і дружную вясну.

Мы вясну чакаем, зімку праважаем.
Прыходзь, вясна!

 

 


















































ОП "Ляховичский аграрный колледж" УО "Барановичский государственный университет"
225 370 Брестская область, г. Ляховичи, ул. Ленина, 64
тел. (801633) 2-17-40, 6-01-77, факс (801633) 6-06-65
e-mail: agrocollege@brest.by