Развітальны каледжскі вальс
Вось ён і настаў гэты шчымлівы, радасна-трывожны і адказны дзень. Нашы навучэнкі ў сукенаках усіх колераў вясёлкі, самых модных фасонаў сталі б сапраўднымі канкурэнткамі ўдзельніцам конкурсаў прыгажосці. Хлопцы-выпускнікі па-мужчынску стрыманыя, але таксама хвалююцца перад адказным момантам.
Да яго – часу атрымання дыпломаў - нашы навучэнцы прайшлі доўгі і няпросты шлях. Для некага ён доўжыўся тры, а для некага амаль чатыры гады. Нашы навучэнцы за гады ў навучальнай установе пасталелі, набылі трывалыя веды, авалодалі практычнымі ўменнямі і навыкамі, атрымалі прафесію і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Ім ёсць куды расці. Жыццёвае перакрыжаванне прапануе ім атрыманне вышэйшай адукацыі ў дзённай ці завочнай формах, працу па месцы размеркавання. Выбар за імі – маладымі, прыгожымі, разумнымі грамадзянамі сваёй Рэспублікі. Які б шлях яны не абралі, ён ў любым выпадку будзе фрагментам развіцця нашай любай краіны.
Фанфары абвясцілі пачатак цырымоніі. На імправізаванай чырвонай дарожцы адна за другой з’яўляліся выпускныя групы на чале са сваімі куратарамі Жанай Дрэнчык, Ларысай Мацейчык, Таццянай Прыхач, Наталляй Барысавай, Сяргеем Багдановічам, Аксанай Ліхач, Анатоліем Ілюкевічам. Выхад кожнай групы суправаджаўся каментарыем вядучых аб дасягненнях і крэда групы, самі ж выпускнікі зрабілі яго накшалт дэфіле па подыуму. Апладысменты не змаўкалі. Прыемна было бачыць бацькоў і родных, якія прыехалі падтрымаць і павіншаваць сваіх дзяцей.
Пачэснае месца ў ганаровым крузе сяброў і аднадумцаў занялі старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч, дэкан інжэнернага факультэта Аляксандр Акулаў, айцец Георгій, адміністрацыя каледжа, выкладчыкі і супрацоўнікі навучальнай установы, бацькі выпускнікоў.
Першымі з рук Вячаслава Сельмановіча атрымалі дыпломы тыя, хто на працягу ўсяго перыяду навучання дэманстраваў выдатныя веды і паводзіны, і атрымаў дакумент з адзнакай. Гэта нязменныя памочнікі вучэбнай гаспадаркі Андрэй Бягеза, Дзмітрый Беразоўскі, будучая мама Ірына Александровіч, Андрэй Лопух і Юлія Пятрова. Бацькам выдатнікаў накіраваны падзячныя лісты. Старшыня выканаўчага камітэта прыгадаў, што перад выпускнікамі стаіць адказная і важная задача – спрыяць дынамічнаму развіццю аграпрамысловага комплекса Рэспублікі. Пажадаў ім быць не толькі добрымі спецыялістамі, але і сапраўды сумленнымі людзьмі.
Айцец Георгій прападаў мудры ўрок, падкрэсліў, што нягледзячы на цяжкасць працы па здабычы хлеба, трэба памятаць пра хлеб духоўны, які дае магчымасць быць сапраўдным чалавекам.
Дырэктар каледжа Алена Абарава павіншавала выпускнікоў з заканчэннем навучальнай установы, пажадала ім павышаць узровень адукацыі ВНУ Рэспублікі і не баяцца цяжкасцяў, бо іх рашэнне загартоўвае людзей.
Сумесна з загадчыкамі аддзяленняў Ірынай Чурой, Таццянай Парэйкай, Аляксандрам Мацюшэнкам дырэктар каледжа па чарзе ўручыла дыпломы выпускнікам.
На развітанне намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікалай Дабрыянец пажадаў поспехаў выпускнікам. З яго рук атрымалі каштоўныя падарункі члены дружыны аховы грамадскага правапарадку ў каледжы Андрэй Ахрыменя, арцём Зуйкевіч, мікалай Лысюк, Дзмітрый Петруковіч, Дзмітрый Беразоўскі, Дзмітрый Цвірко.
Не забыўся выпускнікоў і прафкам навучэнцаў. Ад яго імя былі ўручаны падарункі Ягору Пятрову і сямейным парам навучэнцаў: Юліі і Дзмітрыю Пашко, Аляксею і Дар’і Гадун.
Слова ад выпускнікоў трымала Кацярына Ярашук. Яна не стрымлівала шчырых слёз і падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да станаўлення іх як спецыялістаў і людзей.
Са словамі падзякі калектыву каледжа і віншаваннямі выпускнікам да прысутных звярнулася Наталля Кулак – мама выпускніка заатэхнічнага аддзялення.
Быў прыгожы вальс у выкананні выпускнікоў. Яркім момантам стаў палёт 139 зялёных, чырвоных і белых шароў у вышыню нябёсаў. Гэты сімвал адлятаючага дзяцінства, пачатку новага дарослага жыцця – удалы фінал свята.
Шматлікія фота на памяць, словы развітання, падзякі, смех і слёзы… Яшчэ паўгадзіны бурліла жыццё на каледжскай плошчы.
Бывайце, выпускнікі 2014 года! Няхай вашы лёсы будуць яркімі і непаўторнымі, шчаслівымі і багатымі на цікавыя падзеі! Памятайце пра агра-матэр, якая дала вам пуцёўку ў жыццё.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Прыступа-Юнік
|