Віват, “Юнацтва”!
Шмат артыкулаў двух апошніх нумароў раёнкі былі прысвечаны дзецям рознага ўзросту, выпускнікам, урачыстым лінейкам з нагоды заканчэння навучальнага года. Май – час падвядзення вынікаў і рэфлексіі ў сістэме школьнай адукацыі.
Трохі іншы рытм жыцця ў нашай навучальнай установе – каледжы. Мы таксама актыўна бралі ўдзел ва ўсіх майскіх мерапрыемствах, але асабліва важны месяц для нас усё ж чэрвень. Ён багаты на падзеі і мерапрыемствы, што сталі візітоўкай і добрай традыцыяй установы. Справаздачны канцэрт клуба “Юнацтва”, спартыўнае свята “Стартуюць усе!”, турыстычныя паходы, 45 экзаменаў на розных курсах і аддзяленнях, паседжанні чатырох дзяржаўных кваліфікацыйных камісій, выпускны баль – гэта далёка не поўны спіс чэрвеньскіх спраў.
У сённяшнім артыкуле я дазволю сабе трохі распавесці пра клуб “Юнацтва” і яго важную місію ў нашай навучальнай установе. На працягу многіх гадоў нязменным кіраўніком клуба з’яўляецца Уладзімір Равінскі. Чалавек вялікай працаздольнасці, ён стараецца бесканфліктна выходзіць з любой сітуацыі і канцэнтрыруецца на дасягненні галоўнай мэты. Як кіраўнік падраздзялення, ён граматна падбірае кадры педагогаў дадатковай адукацыі, якія працуюць па сумяшчальніцтве. Яшчэ больш важная работа – адшукаць сярод навучэнцаў кожнага новага набора “жамчужынкі” і даць ім магчымасць раскрыцца і заззяць талентамі. У гэтым Уладзімір Уладзіміравіч сапраўдны профі. Паўсядзённае жыццё клуба – гэта некалькігадзінныя, часцей у вячэрні час па раскладзе рэпетыцыі, паўторы, прагоны. І як вынік – па майстэрску арганізаваныя канцэрты і выступленні, музычныя застаўкі падчас “Студэнцкай восені” і “КВЗ”. У тандэме працуюць клуб “Юнацтва” і выхаваўчы аддзел, які узначальвае Мікалай Дабрыянец. Дарэчы, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сам быў выхаванцам клуба і зараз пастаянна выконвае вакальныя нумары, удала рэжысіруе ўсе мерапрыемствы.
5 чэрвеня 2014 года, 14.00. Голас Левітана перанёс нас у далёкі 41-ы. Як жа таленавіта, эмацыянальна выверана і прыгожа аформлена, з густам раскрылі тэму “69 мірных гадоў” сцэнарысты і ўдзельнікі клуба. Здавалася б, як спалучыць выніковы канцэрт клуба і тое, што ўжо адгучалі матывы ваенных песень падчас Свята Перамогі, прайшла эйфарыя свята?
Гэта было зроблена цудоўна. Як гісторык, як супрацоўнік каледжа, як унучка ветэрана Вялікай Айчыннай гавару “брава” арганізатарам канцэрта. Першы твор “Свяшчэнная вайна” у выкананні Марыны Курылік настроіў прысутных на сур’ёзны лад і прымусіў мурашак бегаць па скуры. Інсцэніроўка фрагмента аповесці “А зоры тут ціхія” суправаджалася слайд-шоу пра лёсы дзяўчат-гераінь твора. Вельмі стрымана, са слязамі на вачах і дрыжачымі галасамі выступалі навучэнцы тэатральнага гуртка, якім кіруе Марына Нікіціна. Цудоўна выканала песню з кінафільма Пазнякевіч Ірына.
Прысутныя даведаліся пра тое, што любімыя песні “З чаго пачынаецца Радзіма”, “Сіні платочак”, “Хмары ў блакітным”, “Аганёк” былі напісаны ў гады вайны. І нават ў гады ваеннага ліхалецця, голаду, пастаяннай пагрозы жыццю людзі знаходзілі час кахаць, ствараць сем’і, нараджаць дзяцей і сцвярджаць сваёй жыццёвай пазіцыяй непераможнасць народа і вялікай краіны – СССР. Зала з задавальненнем падпявала, Бурма Таццяне, Прэз Любові, Басаковіч Дар’і, Лелес Антаніне, Варона Юліі, Курылік Марыне, Воўк Юліі, Калеснік Таццяне, Басалай Кацярыне, Валуевічу Аляксандру, вакальнай групе дзяўчат, вакальнай групе выкладчыкаў. Узровень іх вакальных даных узняты так высока дзякуючы прафесіяналізму педагогаў Калацкай Таццяны, Равінскай Алены.
Парадавала выступленне танцавальнай групы пад кіраўніцтвам Надзеі Цямчык. Дарэчы, Надзея і Андрэй Цямчыкі – нашы выпускнікі, ніколі не забываюцца пра родную навучальную ўстанову і часта ўпрыгожваюць сваімі выступленнямі нашы святы.
Адным з лепшых дэкламатараў у каледжы па праву лічыцца Арцём Гутырчык.
На працягу дзвюх гадзін выхаванцы клуба “Юнацтва” трымалі залу ў напружанні, многія гледачы не стрымлівалі шчырых слёз. Для ўсёй залы было вельмі важным, што літаральна праз месяц уся наша краіна будзе святкаваць 70 годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Па добрай традыцыі падчас заключнага канцэрта асаблівыя павага і падзяка адрасуюцца выпускнікам клуба “Юнацтва”. У гэтым годзе іх шасцёра: Лелес Антаніна, Варона Юлія, Курылік Марына, Воўк Юлія, і нязменныя вядучыя канцэртаў Зварыч Дзмітрый і Ярашук Кацярына. Выпускнікі былі ўзнагароджаны граматамі, каштоўнымі падарункамі ад дырэкцыі каледжа, а таксама салодкім падарункам ад прафкама навучэнцаў.
Цёплыя словы і прыгожыя кветкі сталі падзякаю для педагогаў і кіраўніка клуба “Юнацтва”.
Хочацца верыць, што нашы выпускнікі стануць не толькі прафесіяналамі-аграрыямі, але і будуць актыўнымі удзельнікамі калектываў мастацкай самадзейнасці сваіх прадпрыемстваў і проста добрымі людзьмі.
Прагучаў апошні акорд свята, але перад клубам стаяць новыя цікавыя і няпростыя задачы. Поспехаў табе і віват, “Юнацтва”!
Прыступа-Юник И. Б.
|