7 і 8 чэрвеня горад Маладзечна шчыра сустракаў удзельнікаў і гасцей ХІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Падчас свята творчасці прайшоў і заключны этап Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, падрыхтоўкай якога займаўся знакаміты беларускі калектыў — Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Сярод таленавітых удзельнікаў не згубіўся і выпускнік, а цяпер і работнік Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, саліст народнай эстраднай студыі “Экспрэс” Андрэй Цямчык. Яго голас адметны па тэмбры, манера выканання шчырая. Андрэй — адзін з трох выканаўцаў, якія прадстаўлялі Брэсцкую вобласць на фестывалі. І дэбют Цямчыка аказаўся паспяховым. У фінале ў суправаджэнні аркестра ён выконваў беларускія эстрадныя песні “Стася” і “Вераніка”. І, мяркуючы па тым, што журы ўдастоіла Андрэя Цямчыка дыплома ІІІ ступені, — выступіў выдатна.
Узнагароду таленавітаму юнаку ўручыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ
Падрыхтавана па матэрыялам сайта www.lves.by





|