Такія важкія і знаёмыя словы: мы ў адказе за тых, каго прыручылі. З самымі лепшымі памкненнямі бяром маленькае кацяня ці шчаня, каб клапаціцца пра яго, любіць і дарыць пяшчоту. І, здавалася б, што можа быць прасцей?
Але ў жыцці не так усё мажорна. На жаль, колькасць бадзяжных жывёл не змяншаецца, хутчэй, наадварот. І нярэдка вулічнымі і нікому непатрэбнымі яны становяцца не па сваім жаданні – іх выкідваюць са сваіх кватэр, дамоў, двароў тыя, каму яшчэ зусім нядаўна каты і сабакі даверліва глядзелі ў вочы. Наколькі ж моцна спіць сумленне гаспадара, калі ўчарашняга любімца ён адпраўляе ўнікуды…
Але свет не без добрых людзей. Жыхарка Баранавічаў Ірына Александровіч – адна з тых, хто любіць і клапоціцца пра жывёл не на словах, а на справе. Яна – ініцыятар і заснавальнік у Баранавічах і Баранавіцкім раёне грамадскага аб’яднання абароны жывёл “Міласэрнасць”, якое было зарэгістравана ў сакавіку 2007 года.
“Міласэрнасць” аб’яднала людзей, якім неабыякавы лёс братоў нашых меншых. Цяпер пад іх апекай у вёсцы Сеўрукі знаходзяцца каля 70 сабак і каля 30 кошак. Кагосьці прынеслі ў ветлячэбніцу, каб усыпіць, не жадаючы лячыць жывёлу ці таму, што проста надаела. Хтосьці апынуўся на вуліцы з-за старасці, іншага збіла машына ці скалечылі людзі. Ірына Александровіч купіла дом у Сеўруках, каб утрымліваць там жывёл, захоўваючы санітарныя нормы і правілы. У вальерах знаходзяцца сабакі, якія праходзяць прафілактычныя мерапрыемствы. Потым, пасля спецыяльнай апрацоўкі і лячэння, іх абавязкова стэрылізуюць, робяць усе неабходныя прышчэпкі. Дома побач са звычайнымі жывуць пародзістыя каты і сабакі. Усё гэта дзякуючы ўласным сродкам Ірыны Александровіч, ахвяраванням (спецыяльныя скрынкі для збору сродкаў устаноўлены ў магазінах “Еўраопт” і “Радуга” ў Баранавічах), валанцёрам.
Прыемна, што сярод сапраўды неабыякавых і добрых людзей ёсць і нашы землякі. Аператар ЭВМ Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Дзіяна Цімашок разам са сваёй сям’ёй неаднойчы ахвяравала ў “Міласэрнасць”. Яна падзялілася ідэяй дапамогі жывёлам з навучэнцамі і выкладчыкамі каледжа. Прапанову падхапілі. Літаральна за некалькі дзён каляджане сабралі грошы і закупілі корм, ветэрынарныя прэпараты, сродкі для дэзынфекцыі і інш. Уважліва аднёсся да памкнення каляджан дырэктар ЛДАКа Вячаслаў Сельмановіч – быў выдзелены аўтобус, і 28 навучэнцаў разам з загадчыкам аддзялення ветэрынарнай медыцыны Алегам Ахрэмцавым і Дзіянай Цімашок з падарункамі адправіліся ў Сеўрукі.
— Спачатку было нязвыкла бачыць адразу столькі сабак і катоў. Але хутка гэта прайшло. Мы з задавальненнем дапамаглі гаспадыні ў доглядзе за яе пітомцамі, – расказвае Дзіяна Цімашок.
У прытулку не хапае рабочых рук, тут рады і з задавальненнем прымаюць любую дапамогу.
…Дамоў валанцёры з ЛДАКа вярталіся моўчкі. Было што асэнсаваць, пра што падумаць. Многія вырашылі, што гэта паездка ў Сеўрукі ў іх не апошняя.
Падрыхтавана па матэрыялам сайта lves.by
|